rubeen
logo

Хотимский

районный исполнительный комитет

Официальный сайт

Адрес: 213677, г.п. Хотимск, пл. Ленина, д. 2

Телефон приемной: 8 (02247) 79-281

E-mail: xotrik@khotimsk.by (для официальной корреспонденции)

Режим работы: понедельник-пятница с 8.00 до 13.00, с 14.00 до 17.00

Понедельник, 03 сентября 2018 16:13

У Хоцімску адбылася чарговая педагагічная канферэцыя

У Хоцімску адбылася чарговая педагагічная канферэцыя

Ва ўсе часы прафесія настаўніка лічылася самай патрэбнай і высакароднай. Без настаўніка няма ўрача, інжынера, паэта, рабочага. Настаўнік — значна больш, чым прафесія. Гэта стан душы і жаданне перадаваць свой вопыт іншым людзям. Дзень ведаў асаблівы ў жыцці кожнага педагога. Для маладых спецыялістаў гэты дзень — першы віншавальны. Для вопытных работнікаў — дзень прыемных стасункаў з вучнямі былымі і цяперашнімі. Для тых, хто зараз знаходзіцца на заслужаным адпачынку — вяртанне ў маладосць, успаміны пра сваіх выхаванцаў, пра доўгі шлях, які шмат разоў яны праходзілі разам па краіне ведаў. У традыцыйнай жнівеньскай канферэнцыі прынялі ўдзел: Дзмітрый Рубан, старшыня Хоцімскага райвыканкама, Мікалай Хучаў, намеснік старшыні райвыканкама, Максім Ракаў, начальнік аддзела па адукацыі, спорту і турызму, Алена Гірына, начальнік аддзела сацыяльна-гуманітарных дысцыплін установы адукацыі «Магілёўскі дзяржаўны абласны інстытут развіцця адукацыі», а таксама сацыяльныя партнёры, дэлегацыі ўстаноў адукацыі раёна, ветэраны педагагічнай працы, маладыя спецыялісты.

У нашай краіне адукацыя заўжды была прыярытэтным напрамкам дзяржаўнай палітыкі. Да пачатку новага навучальнага года 408 дзяцей раёна наведваюць установы дашкольнай адукацыі, ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі ў новым навучальным годзе за парты сядуць 1127 дзяцей. Значны мінус — дэмаграфічная сітуацыя ў раёне за апошнія гады характарызуецца зніжэннем колькасці навучэнцаў. У адукацыйнай карце раёна адбыліся змены — закрыта дзяржаўная ўстанова адукацыі Баханоўскі ВПК. З 1 верасня гэтага года для вучняў 10 класаў будзе ўведзены новы прадмет «Працоўнае навучанне», а ў мэтах павышэння матывацыі моладзі да далейшай працоўнай дзейнасці ў сельскай гаспадарцы на базе Бярозкаўскай школы будзе ўтвораны клас аграрнай накіраванасці. Ва ўсіх установах адукацыі да пачатку года праведзены касметычныя рамонты. У Забялышынскай школе і Бяседавіцкім ВПК — бягучыя.

Як канстатаваў начальнік аддзела адукацыі, па спорту і турызму райвыканкама, мяркуючы па тых паказчыках, якія былі дасягнуты ў мінулым навучальным годзе, можна рабіць вынікі, што пастаўленыя задачы былі выкананы і зроблены яшчэ адзін крок на шляху ўдасканалення і далейшага развіцця. Вопытам працы сваіх устаноў з прысутнымі падзяліліся намеснік загадчыка «Яслі-сад № 3» Таццяна Данцова, намеснік дырэктара Бяседавіцкага ВПК, Аксана Пруднікава, дырэктар СШ № 1, Галіна Белікава.

Паняцце «настаўнік» не бывае ў мінулым часе, таму што з гадамі гэта становіцца не толькі прафесіяй, але і асаблівым станам душы. Не адно дзесяцігоддзе свайго жыцця ўсё сваё майстэрства аддалі справе служэння адукацыі ветэраны педагагічнай працы, якія сабраліся ў гэты дзень у зале. Прыемна, што сёння сувязь пакаленняў у школах раёна не губляецца, а наадварот з’яўляецца трывалай, і на замену старэйшаму прыходзіць маладое пакаленне педагогаў: таленавітых, дасведчаных, крэатыўных, не па-маладому грунтоўных. Дарэчы, у гэтым годзе педагагічная сям’я папоўнілася 6 спецыялістамі, выпускнікамі педагагічных вну і каледжаў (на здымку 2). Шчырыя словы-наказ ад педагогаў маладым калегам выказаў настаўнік-метадыст Забялышынскай школы Алясандр Сцепчанка, ад моладзі слова трымала выпускніца БДПУ імя М.Танка Крысціна Ермакова.

Словы асаблівай удзячнасці педагогам раёна выказаў і старшыня райвыканкама, выказаўшы падзяку за няпростую, але высакародную настаўніцкую працу, якая дае станоўчыя вынікі не толькі раённага, але і абласнога і нават рэспубліканскага маштабу і пажадаў яшчэ больш плённай працы ў новым навучальным годзе. Галоўным здабыткам раёна з’яўляюцца таленавітыя дзеці, а дзякуючы сумесным намаганням бацькоў і педагогаў рабяты дасягаюць добрых вынікаў. Падарункамі і падзячнымі лістамі райвыканкама былі адзначаны пераможцы абласных і рэспубліканскіх конкурсаў і спаборніцтваў і іх бацькі: Алена Багданава, Іна Шобік і Кацярына Удавенка. Падзячныя лісты старшыня райвыканкама таксама ўручыў педагогам — Ксеніі Хвораст (СШ № 2), Аксане Ларчанка (СШ № 1) і Аляксандру Сцепчанку (Забялышынская школа) (на здымку 1).

Ганаровымі граматамі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта за шматгадовую добрасумленную працу і высокае прафесійнае майстэрства былі адзначаны Зінаіда Старавойтава (СШ № 2), Алена Корнева (СШ № 1), Наталля Прыснакова (СШ № 1). Таксама Ганаровымі граматамі аддзела па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама за шматгадовую добрасумленную працу і высокае прафесійнае майстэрства ўзнагароджаны 22 настаўніка раёна, у іх ліку педагог ЦТДзіМ Алена Сотнікава і прыёмныя бацькі — сям’я Саўлюковых. Прыемныя сюрпрызы не заканчваліся. Валянціна Войценка, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў, уручыла Граматы Савета Хоцімскага раённага аб’яднання прафсаюзаў і каштоўныя падарункі за асаблівы ўклад у развіццё сацыяльнага партнёрства, шматгадовую добрасумленную працу ў сферы адукацыі і па выніках працы за навучальны год Ларысе Мінчанка «Яслі-сад № 2», Алене Відусавай Яслі-сад № 3, Аляксандру Сцепчанку (Забялышынская школа). Свой талент і творчасць удзельнікам канферэнцыі падарылі навучэнцы ўстаноў адукацыі раёна, а ў фае сваю творчасць прадставілі педагогі. Яшчэ, здаецца, зусім нядаўна пад залівісты голас апошняга школьнага званка, які абвясціў аб завяршэнні навучальнага года, вучні спяшаліся падзякаваць настаўнікаў сардэчнымі словамі і букетамі кветак. А вось ужо наступнае свята стаіць на парозе, расчыняючы дзверы ў кожную ўстанову адукацыі. І вельмі дарэчы зараз усмешкі, шчырыя словы падзякі, прызнанні... І кампазіцыі з восеньскіх кветак, што яркімі агеньчыкамі размалёўваюць наваколле, — у падарунак. Бо прыблізіўся Дзень ведаў. Са святам вас, дарагія нашы настаўнікі. Дзякуй за вашу працу, за тое што кожны дзень вы знаходзіце ключыкі ад кожнага дзіцячага сэрца і адчыняеце імі самыя лепшыя замочкі будучага нашай любімай краіны!


Кароткі экскурс у год мінулы

У 2018 годзе выдадзена 110 пасведчанняў аб агульнай сярэдняй адукацыі, у тым ліку з адзнакай «выдатна»- 5. Уручана 70 атэстатаў, у тым ліку 3 асобага ўзору з узнагароджаннем залатым медалём. 29 навучэнцаў адзначаны пахвальнымі лістамі за асобыя поспехі ў вывучэнні асобных прадметаў. У ВНУ паступіла 35 выпускнікоў, установы сярэдняй спецыяльнай адукацыі — 21, прафесійна-тэхнічнай адукацыі — 10. Залатыя медалісты — Марыя Янкіна, Аляксандр Рабцаў і Анастасія Левановіч сталі студэнтамі вну бюджэтнай формы навучання. Працэнт паступлення ў вну вышэй раённага паказчыка ў Бяседавіцкім ВПК і СШ № 1. За мінулы навучальны год на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды быў заваяваны Дыплом 3-яй ступені па рускай мове Юліяй Каралёвай (настаўнік СШ № 2 Надзея Кавалёва) і Дыплом 3-яй ступені па фізіцы ў Станіслава Каротчанкі (настаўнік СШ № 1 Аксана Ларчанка). У конкурсе даследчых прац навучэнцы раёна заваявалі Дыплом 3-яй ступені па геаграфіі (Бяседавіцкі ВПК, Аксана Пруднікава) і пахвальны водгук па гісторыі (СШ № 2, Наталля Хрушчова). Адным са значымых дасягненняў у сістэме адукацыі можна назваць вынікі круглагадавой спартакіяды школьнікаў, у мінулым годзе Хоцімскі раён у чарговы раз заняў прызавое, другое месца, сярод раёнаў вобласці. Гэтыя высокія дасягненні сталі магчымымі дзякуючы адказнай працы настаўнікаў фізічнай культуры Забялышанскай школы, СШ № 1, СШ № 2. У 2018 годзе Аляксандр Сцечанка ўзнагароджаны значком «Выдатнік адукацыі». У сакавіку гэтага года ў Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па зімнім відам спорта «Раубічы» прайшоў фінал рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне «Снежны снайпер» на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. Палову каманды Магілёўскай вобласці склалі навучэнцы Забялышынскай сярэдняй школы. Аналіз дынамікі прафесійнага росту педагогаў сведчыць аб устойлівай тэндэнцыі па павышэнню кваліфікацыі. Працэнт настаўнікаў з вышэйшай адукацыяй у 2017/2018 навучальным годзе склаў 84%.

Вольга Зайцава










Фотогалерея









© 2007-2024
Хотимский районный исполнительный комитет
Официальный сайт