rubeen
logo

Хотимский

районный исполнительный комитет

Официальный сайт

Адрес: 213677, г.п. Хотимск, пл. Ленина, д. 2

Телефон приемной: 8 (02247) 79-281

E-mail: xotrik@khotimsk.by (для официальной корреспонденции)

Режим работы: понедельник-пятница с 8.00 до 13.00, с 14.00 до 17.00

Понедельник, 08 января 2018 09:34

Упэўнены крок у будучыню

Упэўнены крок у будучыню

У гэтым годзе на Хоцімшчыну прыбылі 50 маладых спецыялістаў самых разнастайных спецыяльнасцей. Многія з іх ураджэнцы нашага раёна, але ёсць дзяўчаты і юнакі, якія прыехалі з іншых куткоў Беларусі. Геаграфія даволі шырокая:  Магілёўская, Гомельская, Гродненская  і нават Брэсцкая вобласці.  18 спецыялістаў маюць вышэйшую адукацыю, 24 - скончылі сярэднія спецыяльныя  навучальныя ўстановы, 8 чалавек - ПТВ.

Маладосць – яркі і незабыўны час, які бывае толькі аднойчы ў жыцці кожнага чалавека.  Але маладосць -  гэта не толькі радасць, усмешкі і мары, гэта яшчэ і час, калі кожны малады чалавек цвёрда павінен знайсці сваё месца ў грамадстве. Час, калі неабходна вызначыцца з планамі на будучыню, стварыць сям’ю і абзавесціся ўласным жыллём. І, безумоўна,  у гэты момант  многае залежыць ад прафесіі, якую кожны  паспеў для сябе выбраць, а таксама ад месца будучай працы. 

На Хоцімшчыне многія мерапрыемствы  паспелі стаць традыцыйнымі, сярод іх і злёт маладых спецыялістаў, што прайшоў на мінулым тыдні. У ім прынялі  ўдзел кіраўніцтва раёна,  спецыялісты разнастайных аддзелаў райвыканкама і іншых арганізацый прыбеседскага краю, а таксама 50 маладых рабят, для якіх наш раён  паспеў стаць гасціннай пляцоўкай, дзе роўна год назад ім было прадстаўлена першае месца працы.

Адкрыты палілог праходзіў  у  фармаце «без сакрэтаў», дзе кожны з прысутных  мог задаць кіраўніцтву раёна і прысутным спецыялістам хвалюючыя пытанні. Старшыня райвыканкама Дзмітрый Рубан ва ўступным слове выказаў надзею на тое, што маладое папаўненне будзе добрасумленна і плённа выконваць свае працоўныя абавязкі, актыўна прымаць ўдзел у жыцці горада, а таксама не будзе спыняцца на дасягнутым і рухацца толькі наперад.

- Для кожнага з вас гэты год знакавы, кожны прыйшоў на сваё першае месца працы. І гэтым месцам стаў наш Хоцімскі раён.  Хтосьці сюды прыбыў упершыню з суседніх раёнаў і абласцей нашай Беларусі, а для кагосьці тут усё знаёма і блізка, - адзначыў Дзмітрый Міхайлавіч. - Менавіта тут на вашых першых працоўных месцах вы атрымаеце той бясцэнны вопыт, аб якім потым будзеце яшчэ неаднойчы ўспамінаць у далейшым жыцці.  Наш паўднёва-усходні рэгіён лічыцца адным з самых аддаленых куточкаў, але самай вялікай каштоўнасцю хоцімскай зямлі заўжды былі  і з’яўляюцца людзі. Вельмі хочацца, каб вы з усёй адказнасцю адносіліся да той справы, якую абралі, каб умовы, як для працы, так і для жыцця, адпавядалі вашым патрабаванням, вы атрымлівалі годны заробак і  ўпэўнена рухаліся па кар’ернай лесвіцы толькі ўверх. З вашага боку будзем чакаць  цікавых прапаноў, а з нашага - заўжды можаце разлічваць на падтрымку. Не забывайце - менавіта вам пісаць гісторыю заўтрашняга дня нашага чароўнага хоцімскага краю.  

Сапраўды, як было адзначана, галоўным багаццем  нашага экалагічна чыстага прыбеседскага краю заўсёды былі людзі, якія ва ўсе часы адрозніваліся сваёй працавітасцю, шчырасцю і дабрынёй.  Падчас дыялогу разглядаліся пытанні, што датычыліся месцаў для адпачынку у раёне і цікавага правядзення вольнага часу, галоўным спецыялістам аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама было разгледжана пытанне аб будаўніцтве і набыцці жылля для маладых спецыялістаў  у адпаведнасці з заканадаўствам РБ.
У час гутаркі кіраўніцтва раёна падзялілася з маладымі спецыялістамі вопытам і абмеркавала хвалюючыя пытанні (заробак, жыллё, перспектывы на будучыню, карыснае правядзенне вольнага часу і інш.), а экскурсійны маршрут падарыў магчымасць бліжэй пазнаёміцца з цікавымі месцамі  хоцімскай зямлі.

Напрыклад, падчас агляднай экскурсіі па гісторыка-краязнаўчаму музею, якую правяла старэйшы навуковы супрацоўнік Дар’я Корнева (дарэчы, таксама малады спецыяліст), прысутныя змаглі акунуцца ў гісторыю Хоцімшчыны, пачынаючы ад старажытнасці і да сучаснасці. У завяршэнні сустрэчы ў музеі кожны малады спецыяліст атрымаў гісторыка-дакументальную хроніку “Памяць”.
Таксама ў гэты дзень маладыя спецыялісты наведалі спартыўны комплекс, Свята-Троіцкі сабор, пазнаёміліся з працай раённага Дома рамёстваў, дзе атрымалі цікавы майстар-клас па ткацтву, даведаліся пра выраб тэкстыльных лялек.

Станоўчыя эмоцыі  чакалі  маладых спецыялістаў падчас наведвання сядзібы Дзеда Мароза, дзе хлопцаў і дзяўчат чакала сапраўдная казачная атмасфера. Яны прынялі актыўны ўдзел у конкурсах, а напрыканцы адправіліся да дрэва жаданняў, дзе завязалі стужкі і загадалі самыя запаветныя жаданні. А зрабіць свята яшчэ больш незабыўным дапамаглі прыемныя навагоднія сюрпрызы ад мецэната Міхаіла Кузьмянкова. Насычаную праграму злёта завяршыла канцэртна-забаўляльная праграма “Упэўнены крок у будучыню”.

Выбар прафесіі для сучаснага маладога чалавека - гэта важны крок, які вызначыць усё яго наступнае жыццё.  І калі ты абраў прафесію, то павінен рэальна ўяўляць, што пэўна жадаеш атрымаць ад яе, якія перспектывы цябе чакаюць і тое, што ад твайго выбару будзе залежаць тваё будучае і будучае тваёй краіны. У гэты дзень прагучала вялікая колькасць станоўчых прыкладаў, якіх дасягнулі нашы землякі, і хочацца спадзявацца, што маладыя спецыялісты не адстануць ад іх і ў хуткім часе зробяць свой станоўчы ўклад у развіццё свайго краю.
Якая яна моладзь XXI стагоддзя? Даволі часта можна пачуць не вельмі станоўчыя водгукі, але хачу пераканаць вас - гэта зусім не так. Паразмаўляўшы з маладымі спецыялістамі, магу сказаць, што гэта  разумныя, бліскуча валодаючыя камп’ютэрнай тэхналогіяй, моцныя, мэтанакіраваныя, адказныя маладыя людзі, упэўненыя ў сабе, якія ўмеюць выказаць сваё меркаванне, а галоўнае - людзі, якія жадаюць працаваць. І вельмі хочацца, каб яны ўпэўнена крочылі ў будучае, а абраныя прафесіі сталі іх прызваннем і прыносілі толькі задавальненне і карысць.

Вольга Зайцава.

Дар’я Корнева, старшы навуковы супрацоўнік  ДУК  “Хоцімскі гісторыка-краязнаўчы  музей”:
- Пасля Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта па размеркаванні апынулася на Хоцімшчыне. Тут мне ўсё знаёма і блізка, бо сама родам адсюль. Мяне заўсёды цікавіла гісторыя маёй малой радзімы, хацелася яшчэ бліжэй далучыцца да культуры нашага раёна, таму праца вельмі спадабаецца. У калектыве прынялі вельмі добра. Асаблівае задавальненне выпрабоўваю ад працы з дзеткамі, калі праводжу разнастайныя экскурсіі і мерапрыемствы. Што хачу пажадаць? Каб кожны выбіраў працу па душы,  здзяйснення задуманага, поспехаў у рабоце і асабістым жыцці.
Алег Манжола, оперупаўнаважаны Хоцімскага РАУС:
- Мне заўсёды спадабаліся людзі ў форме, заўсёды ставіўся да іх з асаблівай павагай і ўдзячнасцю. Цяпер вось і сам працую ў гэтай структуры. Не магу сказаць, што праца наша простая, але дзякуючы падтрымцы як з боку кіраўніцтва, так і з боку таварышаў па службе, выконваць пастаўленыя задачы значна лягчэй. Пакуль яшчэ моцна не задумваўся, як далей будзе складвацца мой лёс, але ўпэўнены, што праца ў праваахоўнай структуры стане для мяне добрай школай. Хочацца ўсім пажадаць моцнага здароўя, шчасця і грашовага дажджу.
Ганна Шкаленка, медсястра  Хоцімскай ЦРБ:
- Гэты год стаў вельмі запамінальным, і ў першую чаргу таму што мы са студэнтаў ператварыліся ў маладых спецыялістаў. Вельмі рада, што пазнаёмілася з цікавымі людзьмі, знайшла новых сяброў. Безумоўна, вучоба - гэта адно, а калі ўжо давялося прымяняць свае веды на практыцы - гэта зусім іншае. Люблю ўдзельнічаць у спартыўных мерапрыемствах. Дарэчы, не так даўно ў г. Касцюковічы праходзілі спаборніцтвы, дзе заняла трэцяе месца па армрэстлінгу ў асабістым заліку. Трэба дадаць, што вельмі дапамагаюць дабразычлівыя адносіны ў калектыве, а складанасці бываюць усюды, проста трэба ўмець іх пераадольваць з годнасцю. 
Яўген Цітоў, загадчык рамонтнымі майстэрнямі ААТ “Акцябр-Бярозкі”:
- Гэты год стане для кожнага маладога спецыяліста запамінальным. Я таксама не выключэнне. Многае запомнілася, адразу ўсяго і не ўспомніш. Напрыклад, сезон уборачнай, калі трэба было рупліва працаваць і дзень і ноч. І нягледзячы на тое, што было няпроста, але было па-сапраўднаму цікава, і гэта дазволіла згуртаваць наш калектыў яшчэ больш. А яшчэ варта  сказаць - трэба проста любіць тую справу, якой займаешся, і нават, калі здараюцца памылкі, трэба не баяцца іх выпраўляць, каб у будучым больш не рабіць. Правільна кажуць - на памылках вучацца. Таму ў першую чаргу жадаю, каб праца прыносіла задавальненне і была карыснай для нашага любімага прыбеседскага краю.  






Фотогалерея









© 2007-2024
Хотимский районный исполнительный комитет
Официальный сайт