rubeen
logo

Хотимский

районный исполнительный комитет

Официальный сайт

Адрес: 213677, г.п. Хотимск, пл. Ленина, д. 2

Телефон приемной: 8 (02247) 79-281

E-mail: xotrik@khotimsk.by (для официальной корреспонденции)

Режим работы: понедельник-пятница с 8.00 до 13.00, с 14.00 до 17.00

Среда, 26 февраля 2020 08:34

Сапраўды скарб людзей - уменне працаваць

Сапраўды скарб людзей - уменне працаваць

У мінулую пятніцу Хоцімск сустракаў перадавікоў народнай гаспадаркі і гасцей гарадскога пасёлка ва ўсім сваім харастве: прыбраны, упрыгожаны, абноўлены і ўрачысты. Задоўга да пачатку ў раённы Цэнтр культуры з усіх куткоў Хоцімшчыны прыбылі дэлегацыі прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў раёна. Сабраліся лепшыя з лепшых, людзі вельмі розныя, але, у той жа час, іх аб'ядноўвае адно - працавітасць і вялікая любоў да роднай зямлі. Дадаў бы - і сціпласць. Многія з іх, у сілу сваіх дасягненняў, з'яўляюцца сталымі заўсёднікамі такіх мерапрыемстваў. Вочы разбягаюцца ад знаёмых светлых асоб і радасных усмешак. 

- Я можа і не хацеў бы атрымліваць ўзнагароду, але так атрымліваецца ў працы, - аджартоўваецца механізатар ААТ "Кастрычнік-Бярозкі» Сяргей Кавалёў. 

Забягаючы наперад скажу, што крыху пазней зала будзе бурна вітаць ветэранаў працы, узнагароджаных дзяржаўнымі ўзнагародамі і былых кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў. А пакуль да нас набліжаюцца годныя прадстаўнікі калгаса «Бальшавік» (цяпер ААТ «Ліпаўка»). Вадзіцель Мікалай Бяспалаў беражліва прытрымлівае пад руку Марыю Яфімаўну Макаранка. Амаль 50 гадоў таму перадавая даярка была ўзнагароджана першым ордэнам: "Знак Пашаны". Праз два гады ёй уручылі «Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга».

- У кожнае сваё наведванне Хоцімска заўважаю нешта новае ў яго абліччы, - дзеліцца Марыя Яфімаўна. - Праязджаючы па гарадскім пасёлку бачу абноўленыя вуліцы, дамы, а вось, далёка хадзіць не будзем, побач Парк культуры і адпачынку. Гэта радуе.

У год 75-годдзя Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі, нельга не звярнуць увагі на яшчэ двух ардэнаносцаў з аграгарадка Ліпаўка - Івана і Мікалая Брындзікавых. Памяць вяртае ў 80-я. Тады камсамольска-маладзёжны атрад калгасу «Бальшавік» на нарыхтоўцы кармоў, у складзе якога працавалі браты, выступіў з ініцыятывай «Да 40-годдзя вызвалення Беларусі - 40 ударных вахт», якую падтрымала ўся рэспубліка. Маладыя механізатары дамагліся уражлівых вынікаў, натхніўшы і іншых прытрымлівацца іх прыкладу. 

А між тым у фае РЦК кіпіць продаж кандытарскіх вырабаў, прадстаўленых спажыцецкім таварыствам, у тым ліку вырабленых на новай лініі па вытворчасці хлебабулачных вырабаў хлебазавода, уведзенай у эксплуатацыю ў мінулым годзе. Ідзе паказ выстаў: кожны расхвальвае свой тавар, свае вырабы, сваё майстэрства. Мы працягваем любавацца і захапляцца нашымі працаўнікамі, іх фантазіяй і майстэрствам. Музыка, прамяністыя ўсмешкі і ўзнёслы настрой удзельнікаў, сустрэчы сяброў-сапернікаў - гэта далёка не ўсё вясёлкавыя рыскі перад пачаткам урачыстага сходу. 

Якім быў 2019 год для раёна, што ўдалося зрабіць рукамі працавітых хацімчан - прысутныя змаглі паглядзець у спецыяльна падрыхтаваным да гэтага мерапрыемства відэафільме. Улічваючы, што асноўнай галіной эканомікі раёна з'яўляецца сельская гаспадарка, яму было адведзена немалое месца ў фільме. Выраблена амаль 24 тысячы тон збожжа, цалкам выкананы план ў лік дзяржаўных закупак. Намалочана 1719 тон збожжа кукурузы, значна абнавіўся ў мінулым годзе машынна-трактарны парк сельгаспрадпрыемстваў. Па-ранейшаму на годным узроўні спрацаваў ААТ «Хоцімскі льнозавод».

Ўвод жылля склаў 2883 м² або 103% да даведзенага задання. Пабудаваны два шматкватэрных жылых дома, у якіх 20 кватэр вылучаныя для шматдзетных сем'яў з выкарыстаннем ільготнага крэдытавання. Не застаецца без увагі і існуючы жыллёвы фонд. Уведзены ў эксплуатацыю 3,5 тыс. м² жылля пасля капітальнага рамонту.

На вёсцы газ прыйшоў у дамы жыхароў вёскі Трасціно, у аграгарадках рэалізоўваецца экалагічны праект, падчас якога ўсталёўваюцца святлодыёдныя свяцільнікі на сонечных батарэях. У аграгарадку Забялышын пабудавана станцыя абезжалезвання вады і яшчэ дзве ў Хоцімску.

Працягваюць радаваць навучэнцы ўстаноў адукацыі ў ходзе абласных і рэспубліканскіх конкурсаў, алімпіяд. На працягу 12 гадоў Хоцімскі раён у ліку лепшых у абласной круглагадовай спартакіядзе сярод раёнаў Магілёўшчыны.

Дзякуючы творчай працы работнікаў устаноў культуры ў нашым раёне на высокім узроўні праходзяць вялікія грамадска-значныя мерапрыемствы, святы, фестывалі і канцэрты. Намаганнямі гэтых людзей для кожнага з нас ствараецца свята. Майстры Дома рамёстваў на працягу шэрагу гадоў прымаюць удзел у міжнародных выставах у Расійскай Федэрацыі. 

Годнае месца сярод рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі займае раённая газета «Шлях Кастрычніка». На працягу апошніх дзесяці гадоў калектыў рэдакцыі і яе супрацоўнікі ўзнагароджваліся Граматамі і Дыпломамі Міністэрства інфармацыі РБ, Магілёўскага аблвыканкама і яго упраўленняў, Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў, абласной арганізацыі ГА "Беларускі саюз журналістаў». 

Былі і іншыя характэрныя падзеі як для раёна, так і калектываў, якія знаходзілі адлюстраванне на старонках раённай газеты і пра якія гаварылася ў ходзе ўрачыстага сходу.

Старшыня райвыканкама Дзмітрый Рубан, вітаючы ўдзельнікаў і гасцей урачыстасці, выказаў удзячнасць і падзяку перадавікам за іх працу, адзначыўшы, што мінулы год быў напоўнены важнымі грамадска-палітычнымі падзеямі, а сумесная праца кіраўнікоў і спецыялістаў прадпрыемстваў і арганізацый, звычайных працаўнікоў народна-гаспадарчага комплексу прынесла нямала станоўчых вынікаў у сацыяльна-эканамічным развіцці раёна.

- Усе нашы поспехі сталі магчымымі толькі дзякуючы людзям працы, - падкрэсліў Дзмітрый Міхайлавіч. - Ёсць зрухі ў аб'ёмах прамысловай вытворчасці, сферах аховы здароўя, адукацыі і культуры. Пазітыўныя змены ў рэальным сектары эканомікі стварылі неабходныя перадумовы для ўстойлівага функцыянавання сацыяльна-культурнай сферы. Нам ёсць чым ганарыцца і ў адукацыі, сістэме сацыяльнай абароны, развіцці культуры, спорту.

Безумоўна, галоўнай падзеяй сходу стала цырымонія ўручэння ўзнагарод. Гэтую ганаровую місію пачаў старшыня райвыканкама Дзмітрый Рубан.

Першай на сцэну запрашаецца шматдзетная маці Анжэла Мікуціна. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за нараджэнне і выхаванне пяці і больш дзяцей яна ўзнагароджваецца Ордэнам Маці.

Падзякі Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта ўручаюцца галоўнаму рэжысёру раённага Цэнтра культуры Таццяне Паседзька і галоўнаму інжынеру філіяла КУП па праектаванні, рамонту і будаўніцтву дарог «Магілёўаблдарбуд» Алене Курзянковай. Ганаровай граматай Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў ўзнагароджваецца вядучы аграном ААТ «Хоцімскі льнозавод», стараста вёскі Альшоў-1 Алег Камароў, а дэпутаты раённага Савета дэпутатаў Шаміль Сулейманаў і Алена Барысенка – лістамі падзякі.

Адметная ўзнагарода як сімвал высокіх працоўных дасягненняў - пераходзячыя Сцягі. Па выніках мінулага года пад апладысменты прысутных Дзмітрый Рубан іх уручыў калектывам: ААТ «Бабулін падворак» (дырэктар Анатоль Краўчанка), ААТ «Хоцімскі льнозавод» (дырэктар Мікалай Курзянкоў), філіяла КУП па праектаванні, рамонту і будаўніцтву дарог «Магілёўаблдарбуд» (начальнік Андрэй Цішчанка), аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама (начальнік Аляксандр Цішчанка).

Па традыцыі на святочную сцэну падымаліся ўсе пераможцы раённага спаборніцтва ў розных галінах і сферах дзейнасці, а таксама ў намінацыі «Лепшы па прафесіі», лепшыя сярод маладых працаўнікоў раёна.

У вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва важная роля адводзіцца сельскім Саветам. Арганізацыя работы з насельніцтвам па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на зямлі праводзілася ў цесным кантакце з органамі тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання.

Аб гэтым і іншых пытаннях працы сельвыканкамаў казаў у сваім выступе Яўген Нікалаенка, старшыня раённага Савета дэпутатаў. Пажадаўшы ўсім працаўнікам раёна моцнага здароўя, дабрабыту, новых працоўных і творчых перамог, Яўген Уладзіміравіч прыступіў да ўзнагароджання.

Ганаровымі граматамі раённага Савета дэпутатаў узнагароджаны камандзір аддзялення пажарнага аварыйна-выратавальнага паста №12 Сяргей Баеў і электраманцёр ААТ «Хоцімскі райаграснаб» Мікалай Кавалёў.

За асаблівыя заслугі ў вытворчай, сацыяльна-культурнай і грамадскай дзейнасці грашовымі прэміямі заахвочаны: Наталля Жураўлёва - настаўнік Забялышынская сярэдняй школы, Ірына Нікульчанка - бібліятэкар Бярозкаўскай сельскай бібліятэкі, Вольга Новікава - старшая медыцынская сястра тэрапеўтычнага аддзялення, Васіль Папраўка - вадзіцель цэнтралізаванай гаспадарчай групы аддзела па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, Міхаіл Піманенка - загадчык Батаевского сельскага клуба.

Другі год запар па выніках агляду-конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне ў намінацыі «Лепшае прыватнае домаўладанне» 1-е месца прысуджана Аляксандру Шчатко (вул.Інтэрнацыянальная д.15, г.п.Хоцімск), другое - Святлане Палунчанка (вул.Камышовая д.1, в.Альшоў-1), трэцяе - Аксане Лутчанковай (вул.70 год Кастрычніка д.8, г.п.Хоцімск).

Не паскупіліся на добрыя словы ў адрас працаўнікоў Хоцімскага раёна госці свята: галоўны інжынер ААТ «Бабуліна крынка» Аляксей Казлоў, кіраўнікі дэлегацый Касцюковіцкага і Клетнянскага раёнаў Вячаслаў Максачоў і Мікалай Пугачэўскі.

Андрэй Казлоў ўзнагародзіў Ганаровымі граматамі ААТ "Бабуліна крынка" і ўручыў каштоўныя падарункі аператарам машыннага даення Аксане Сычовай і Наталлі Пазняковай (ААТ «Бабулін падворак»), Марыі Чавакалавай (ААТ «Ліпаўка»), Наталлі Хроевай (ААТ «Батаева»), Ніне Раманоўскай (ААТ «Хоцімскі Тэхнокомплекс»).

На працягу ўсяго мерапрыемства прысутных у зале радавалі творчыя музычныя нумары ў выкананні самадзейных артыстаў раёна, навучэнцаў дзіцячай школы мастацтваў.

Аляксандр Ляйчынскі
«Шлях Кастрычніка»





Фотогалерея





© 2007-2024
Хотимский районный исполнительный комитет
Официальный сайт